ПАЛА́Ц ЛЁГКАЙ АТЛЕ́ТЫКІ Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску,

крытае мнагамэтавае спарт. збудаванне, прызначанае для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні, а таксама тэатр.-відовішчных мерапрыемстваў. Найб. спарт. збудаванне падобнага тыпу на Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. М.​Каўко, У.​Ісачанка, У.​Крыштановіч). Прамавугольнае ў плане збудаванне (125 × 48 м; аб’ём каля 119 тыс. м³) мае дэманстрацыйную арэну эліпсападобнай формы з 200-метровай 4-радовай і 6-радовай прамой бегавымі дарожкамі са спец. сінт. пакрыццём, стацыянарныя падковападобныя ў плане трыбуны на 3 тыс. месцаў, залы для трэніровак і размінкі, памяшканні для спартсменаў, адміністрацыі, абслуговага персаналу і тэхн. службы. Выразнасць архітэктуры дасягаецца пластычным вырашэннем канструкцыі перакрыцця залы манежа (блокі метал. ферм, размешчаных па крывой лініі), нерасчлянёнасцю і цэльнасцю паверхняў сцен фасадаў, ураўнаважанасцю агульнай кампазіцыі.

С.​Дз.​Філімонаў.

Палац лёгкай атлетыкі Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)